ГІГІЕ́НА РАДЫЯЦЫ́ЙНАЯ,

галіна гігіены, якая вывучае дзеянне радыеактыўных рэчываў і іанізуючых выпрамяненняў на арганізм чалавека з мэтай распрацоўкі гігіенічных мерапрыемстваў радыяцыйнай бяспекі. Ажыццяўляе кантроль за радыяцыйнай чысцінёй прыроднага асяроддзя і харч. прадуктаў, распрацоўвае гранічна дапушчальныя канцэнтрацыі радыеактыўных рэчываў і ўзроўняў апрамянення ў розных умовах жыццядзейнасці чалавека, вывучае ўмовы працы і стан здароўя асоб, якія працуюць з радыеактыўнымі рэчывамі і крыніцамі іанізуючых выпрамяненняў, распрацоўвае мерапрыемствы па прадухіленні забруджвання знешняга асяроддзя радыеактыўнымі рэчывамі. Сан. правілы ў галіне гігіены радыяцыйнай рэгулююцца спец. нарматыўнымі дакументамі. Кантроль за радыяцыйнай бяспекай ажыццяўляюць радыелагічныя лабараторыі і групы пры абл., гар. і раённых цэнтрах гігіены і эпідэміялогіі.

А.М.Стажараў.

т. 5, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)